Цэнтралізатарская палітыка вялікіх князёў. Дзяржаўны лад і органы кіравання ў ВКЛ

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 14 Января 2013 в 18:32, реферат

Описание

Сістэма кіравання краінай у ВКЛ развівалася на аснове старажытнага права, што бытавала ў Полацкім, Менскім, Навагародскім, Тураўскім і іншых княствах. Пасля заключэння Крэўскай уніі і ўсё большага збліжэння з Польшчай у арганізацыю кіравання дзяржавай сталі пераносіцца тыя рысы і формы, якія склаліся ў Польшчы.

Работа состоит из  1 файл

кр ист.docx

— 50.42 Кб (Скачать документ)

Саслоўна-прадстаўнічымі органамі ў ваяводствах і паветах былі соймікі, на якіх абмяркоўваліся мясцовыя і агульнадзяржаўныя справы, выбіраліся дэпутаты на вальны сойм, выпрацоўваліся інструкцыі, хадайніцтвы і просьбы да вялікага князя.

У адпаведнасці з адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзелам ВКЛ, які канчаткова аформіўся  ў ХVІ ст., мясцовае кіравнне выглядала  наступным чынам: ваяводства ўзначальваў ваявода, павет ― староста, воласцю кіраваў сельскі войт, а ў вёсцы на чале сельскай абшчыны быў старац.

Асобнае месца ў сістэме  кіравання ВКЛ займалі гарады, якія мелі магдэбургскае права. Упершыню яно ўзнікла ў ХІІІ ст. у Еўропе, а з 80-х гадоў ХІV ст. атрымала распаўсюджанне на землях ВКЛ. Першым горадам, які атрымаў магдэбургскае права ў Княстве, была Вільня (1387), затым Берасце (1390) і інш. Прывілеі на магдэбургскае права гарадам давалі ўласнікі — вялікія князі або прыватныя феадалы.

Магдэбургскае права давала гарадам судовы імунітэт, падатковыя льготы, права валодання зямлёй, ільготы ў рамеснай і гандлёвай  дзейнасці, вызваляла ад воінскай павіннасці. У адпаведнасці з прывілеем, у  гарадах ствараўся выбарны орган  самакіравання − магістрат. Ён складаўся з гарадской рады і лавы. На чале магістрата стаяў войт, якому належала вышэйшая судовая і выканаўчая ўлада ў горадзе. Пасада войта не была выбарнай: ён прызначаўся вялікім князем з ліку буйных феадалаў.

Гарадская рада, на чале якой стаялі бурмістры, разглядала маёмасныя і грамадзянскія справы мяшчан. Лава выконвала судовыя функцыі, а войтаўска-лаўніцкі суд (лаву) узначальваў войт. Засядаў гарадскі магістрат у спецыяльным будынку − ратушы, якая звычайна размяшчалася ў цэнтры горада.

Такім чынам, па форме кіравання  Вялікае княства Літоўскае можна  вызначыць як саслоўна-прадстаўнічую  манархію, што разам з наяўнасцю  магдэбургскага права ў гарадах цалкам адпавядала традыцыям тагачасных еўрапейскіх дзяржаў.

Судовая сістэма ВКЛ спалучала дзве сістэмы судоў: агульнасаслоўныя суды і саслоўныя.

1. Агульнасаслоўныя суды. Найвышэйшым судом у ВКЛ быў гаспадарскі (вялікакняжацкі) суд. Вялікі князь быў вярхоўным суддзёй па ўсіх справах, што заканадаўча было замацавана ў Судзебніку 1468 г. Ён разглядаў апеляцыі на рашэнні саслоўных судоў, справы аб дзяржаўных злачынцах, аб прыналежнасці да шляхецкага саслоўя і інш. З 1581 г. вышэйшай судовай інстанцыяй стаў Трыбунал Вялікага княства Літоўскага.

Агульнасаслоўным судом  быў таксама замкавы (гродскі) суд. Суд разглядаў крымінальныя злачынствы шляхты, мяшчан і сялян, якія былі затрыманы на месцы злачынства («па гарачым учынку»). Суддзямі былі ваяводы, старосты і дзяржаўцы.

2. Саслоўныя суды. У паветах існавалі: земскі суд, які разглядаў грамадзянскія іскі і крымінальныя справы шляхты, і падкаморскі суд, у кампетэнцыю якога ўваходзіла прыняцце рашэнняў па спрэчках землеўладальнікаў па зямельных пытаннях.

Як ужо адзначалася, у  гарадах з магдэбургскім правам галоўным быў войтаўска-лаўніцкі суд, які разглядаў крымінальныя і грамадзянскія справы, а таксама бурмістраўскі, у якім разбіраліся спрэчкі паміж мяшчанамі і нязначныя правапарушэнні.

Справы простых людзей у воласці, а таксама ў гарадах, якія не мелі магдэбургскага права, разглядаў копны суд − суд сельскай або гарадской грамады. Суддзямі былі простыя жыхары, якія дзейнічалі пад наглядам дзяржаўнай або панскай адміністрацыі. Капа разглядала грамадзянскія справы, межавыя спрэчкі, дробныя крадзяжы і сваркі, чараўніцтва. Копны суд дзейнічаў на падставе звычаёвага права.

Вялікае значэнне з ХV ст. набываў вотчынны суд. Прывілеем 1447 г. было рэгламентавана судовае права феадалаў, а залежнае ад яго насельніцтва было пазбаўлена магчымасці шукаць абароны ў дзяржаўных органах. Галоўным суддзёй у вотчынным судзе быў сам феадал ці яго службовыя асобы.

Такім чынам, судовая сістэма  Вялікага княства Літоўскага грунтавалася на двух відах права: на звычаёвым праве − сістэме няпісаных прававых нормаў, якія ўзніклі непасрэдна з грамадскіх дзеянняў і былі заснаваны на даўнасці дзеяння (традыцыі, звычаі), і на прававых дзяржаўных актах. Вышэйшай ступенню судовага заканадаўства ў дзяржаве сталі Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588 г.

4. Сацыяльная  структура грамадства ВКЛ. Усё насельніцтва ВКЛ належала да чатырох асноўных саслоўяў – сацыяльных супольнасцяў, прадстаўнікі якіх мелі аднолькавае прававое становішча: шляхты, духавенства, мяшчан і сялян. Шляхта і духавенства адносіліся да «шляхетнага стану», былі прывілеяванымі саслоўямі і вызваляліся ад выплаты дзяржаўных падаткаў. Мяшчане і сяляне ў дакументах называліся «людзі простага стану», былі непрывілеяванымі саслоўямі і асноўнымі падаткаплацельшчыкамі.

Шляхта. Слова «шляхта» паходзіць ад старажытнанямецкага slahta, што азначае род, парода. У ВКЛ шляхта займала пануючае становішча, эканамічнай асновай гэтага была феадальная ўласнасць на зямлю. Па свайму маёмаснаму становішчу і палітычнай ролі ў жыцці дзяржавы шляхецкае саслоўе не было аднародным:

− магнаты (паны) ― прадстаўнікі радавітай арыстакратыі, якія мелі княжацкія тытулы (Радзівілы, Сапегі, Тышкевічы, Астрожскія, Хадкевічы, Друцкія, Алелькавічы, Гальшанскія і інш.). Яны валодалі вялікімі зямельнымі ўладаннямі і займалі важныя пасады ў дзяржаўным апараце;

− баяры (шляхта) – ваенна-служылыя людзі ў ВКЛ. У ХІV–ХV ст. гэта была асноўная маса феадалаў (сярэднія і дробныя землеўласнікі), якія за валоданне зямлёй павінны былі несці ваенную службу пад харугвамі вялікага князя ці буйнога зямельнага ўласніка, удзельнічаць у паспалітым рушэнні. Узаемаадносіны паміж рознымі групамі шляхты грунтаваліся на прынцыпах феадальнай іерархіі, што абумовіла эканамічную залежнасць малазаможнай і незаможнай шляхты ад магнатаў.

Прадстаўнікі шляхецкага саслоўя мелі шэраг палітычных і  асабістых правоў:

  • выключнае (манапольнае) права валодання зямлёй (прывілеі 1387, 1432, 1434 гадоў гарантавалі права ўласнасці на выслужаныя ў вялікага князя вотчыны);
  • права судовага імунітэту (не маглі быць пазбаўлены свабоды без суда);
  • права выбіраць і быць выбранымі ў органы кіравання;
  • права мець свой герб і інш.

Шляхта была вайсковым  саслоўем, удзельнічала ў войнах, адыгрывала вялікую ролю ў палітычным, гаспадарчым  і культурным жыцці. У ХVІ ст. колькасць  шляхты, якая мела землі на тэрыторыі  Беларусі, складала каля 9 % ад агульнай колькасці насельніцтва.

Духавенства − прафесійныя служачыя культу, якія прадстаўлялі ў ВКЛ розныя канфесіі: хрысціянскія (праваслаўную, каталіцкую, пратэстанцкую і уніяцкую), мусульманскую і іудзейскую. Унутры канфесій сярод духавенства таксама існавала іерархія:

  • праваслаўнае духавенства ў ВКЛ узначальваў кіеўскі мітрапаліт, на чале епархій стаялі архіепіскапы і епіскапы, прыходамі кіравалі настаяцелі (святары);
  • на чале каталіцкага духавенства ВКЛ стаяў арцыбіскуп, яму былі падначалены біскупы, парафіямі кіравалі ксяндзы;
  • у іудаізме духавенства не мела разгалінаванай структуры. Яўрэйскія абшчыны (кагалы) выбіралі равінаў, якія выконвалі рэлігійныя функцыі;
  • рэлігійныя функцыі ў мусульманскіх прыходах ажыццяўлялі мулы (імамы) і іх памочнікі − муэдзіны.

Па свайму сацыяльна-юрыдычнаму статусу вышэйшае хрысціянскае духавенства  належала да шляхты.

Мяшчане. Тэрмін «мяшчане» (ад слова «места» − горад) за жыхарамі гарадоў ВКЛ быў замацаваны ў другой палове ХV ст., а юрыдычна аформлены ў Статутах ВКЛ у ХVІ ст. Мяшчанства дзялілася на тры асноўныя групы:

  • патрыцыят, у які ўваходзілі гарадская адміністрацыя, вышэйшае духавенства і буйныя купцы;
  • сярэдні слой, які складалі рамесныя майстры, уладальнікі лавак, гандляры, неэлітнае духавенства, дробныя службовыя асобы;
  • гарадскі плебс («чорныя людзі») – каморнікі, гультаі, парабкі.

Мяшчане былі непрывілеяваным  саслоўем і выконвалі павіннасці на карысць дзяржавы.

Сяляне. Самай вялікай сацыяльнай групай феадальнага грамадства былі сяляне. Катэгорыі сялян вызначаліся па наступных прыкметах:

  • у адпаведнасці з тым, на чыёй зямлі жылі сяляне, іх падзялялі на дзяржаўных, прыватнаўласніцкіх і царкоўных;
  • у залежнасці ад выканання асноўных павіннасцей вызначаліся сяляне даннікі (давалі даніну), чыншавікі (плацілі чынш), цяглыя (адпрацоўвалі паншчыну) і сяляне-слугі, асноўным абавязкам якіх было выкананне павіннасцей, што патрабавалі спецыяльных навыкаў (цівуны, пушкары, півавары, асочнікі, бортнікі і інш.). Сяляне-слугі былі ў дзяржаўных, прыватных і царкоўных уладаннях, а іх сацыяльны статус быў больш высокі, чым іншых катэгорый сялян;
  • па ступені забяспечанасці зямлёй і сродкамі вытворчасці, акрамя вышэйпералічаных катэгорый, якія мелі ў карыстанні зямлю і плацілі падаткі, вылучаюць «людзей лёзны» (асобы без пэўных абавязкаў, пастаяннага месца жыхарства, якія не займаліся карыснай працай), агароднікаў (сяляне, якія сяліліся на невялікіх надзелах зямлі і выконвалі вызначаныя павіннасці); бабылёў-кутнікаў або халупнікаў (беззямельныя сяляне, некаторыя мелі хаты, часам жывёлу і агароды, іншыя нічога не мелі, жылі ў чужых хатах, займаючы кут або камору).

Гісторыю сялянства Беларусі ў складзе ВКЛ вучоныя падзяляюць на два перыяды:

  1. ХІІІ – сярэдзіна ХVІ ст. (да валочнай памеры). У гэты час сяляне ў асноўным плацілі даніну вырабамі прадукцыі сельскай гаспадаркі і промыслаў і па свайму становішчу падзяляліся на «людзей пахожых» (мелі права пераходу ад аднаго феадала да другога пасля збору ўраджаю і выплаты ўсіх падаткаў), «людзей непахожых» (страцілі волю і належалі феадалу на аснове вотчыннага права і не маглі яго пакінуць) і «чэлядзь нявольную» (хатніх рабоў);
  2. сярэдзіна ХVІ ст., калі, з аднаго боку, пачала шырока выкарыстоўвацца рэнта грашыма, а з другога – паскорыўся перавод сялян на адпрацовачныя павіннасці і юрыдычна аформілася прыгоннае права.

Такім чынам, у сацыяльнай структуры ВКЛ прывілеяванае  становішча мелі свецкія і духоўныя феадалы, яны карысталіся палітычнымі  і эканамічнымі правамі. Сярод людзей простага стану ў лепшым становішчы знаходзіліся мяшчане, асабліва заможныя. Сяляне, якія складалі асноўную групу  насельніцтва і неслі галоўны  цяжар павіннасцей на карысць  дзяржавы і феадалаў, фактычна былі бяспраўнымі. Пераход простых людзей у прывілеяваны стан шляхты быў магчымы  ў выключных выпадках толькі для  багатых сялян і мяшчан, якія неслі  ваенную службу

 

ХРАНАЛОГІЯ ПАДЗЕЙ

1246 г. – Міндоўг прыняў праваслаўе і стаў Наваградскім князем.

1362 г. – разгром Альгердам мангола-татар на рацэ Сінія Воды.

1368 г., 1370 г., 1372 г.  – ваенныя паходы Альгерда на Маскву.

1385 г. – заключэнне Крэўскай уніі.

1399 г. – паражэнне войска ВКЛ ад татар у бітве на рацэ Ворскле.

1409–1411 г. – «Вялікая вайна» ВКЛ і Польскага каралеўства супраць Тэўтонскага ордэна.

1410 г. – Грунвальдская бітва ― асноўная бітва «Вялікай вайны», якая скончылася паражэннем Тэўтонскага ордэна.

1413 г. – заключэнне Гарадзельскай уніі.

1432–1436 г. – грамадзянская вайна ў ВКЛ.

1447 г. – Прывілей Казіміра Ягелончыка, які замацаваў шырокія правы баяр ВКЛ у палітычным, сацыяльным і эканамічным жыцці дзяржавы.

1468 г. – першы кодэкс крымінальна-працэсуальнага права ў ВКЛ, складзены на аснове мясцовага звычаёвага права і судова-адміністрацыйнай практыкі.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

ЛІТАРАТУРА

1. Ермаловіч М.І. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае. – Мінск, 2000.

2. Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. – Мінск, 1994-1995.

3. Краўцэвіч А.К. Стварэнне Вялікага княства Літоўскага. – Мінск, 1998.

4. Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. – Мінск, 1992.


Информация о работе Цэнтралізатарская палітыка вялікіх князёў. Дзяржаўны лад і органы кіравання ў ВКЛ