Цэнтралізатарская палітыка вялікіх князёў. Дзяржаўны лад і органы кіравання ў ВКЛ

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 14 Января 2013 в 18:32, реферат

Описание

Сістэма кіравання краінай у ВКЛ развівалася на аснове старажытнага права, што бытавала ў Полацкім, Менскім, Навагародскім, Тураўскім і іншых княствах. Пасля заключэння Крэўскай уніі і ўсё большага збліжэння з Польшчай у арганізацыю кіравання дзяржавай сталі пераносіцца тыя рысы і формы, якія склаліся ў Польшчы.

Работа состоит из  1 файл

кр ист.docx

— 50.42 Кб (Скачать документ)

Але грандыёзныя намеры вялікага князя значна паменшыліся пасля  разгрому арміі ВКЛ татарскім  войскам пад кіраўніцтвам ханаў  Цімура і Едзігея на рацэ Ворскле  ў 1399 г. Пасля гэтай трагедыі становішча ВКЛ увогуле і ўлада Вітаўта ў прыватнасці значна пахіснуліся. Узбунтаваліся Смаленск, Ноўгарад і іншыя гарады. Вітаўт разумеў, што гэтая сітуацыя з’яўляецца вельмі прыдатнай і для ўзмацнення крыжацкай агрэсіі на землі ВКЛ, і таму вырашыў змяніць вектар знешняй палітыкі з усходняга на заходні.

У гэтых умовах Вітаўт пайшоў на аднаўленне саюза з Польшчай. У 1401 г. была заключана Віленска-Радамская  унія, паводле якой пацвярджалася  палітычная самастойнасць Вялікага Княства. Улада ў ВКЛ прызнавалася пажыццёва за Вітаўтам, а пасля  яго смерці павінна была перайсці да Ягайлы ці ягоных нашчадкаў. Калі б  Ягайла памёр бяздзетным, то польскія феадалы павінны былі б узгадніць  кандыдатуру караля з Вітаўтам.

Важным пунктам гэтага пагаднення было абавязацельства абедзвюх дзяржаў дзейнічаць разам супраць  знешніх ворагаў, галоўным з якіх на той час заставаўся Тэўтонскі ордэн. З кожным годам крыжацкая агрэсія набірала сілу, і было зразумела, што справа дойдзе да адкрытых ваенных дзеянняў.

Перыяд 1409 – 1411 гг. увайшоў  у гісторыю пад назвай Вялікай вайны ВКЛ і Кароны супраць Ордэна. Княства імкнулася вярнуць сабе Жамойцію, а Карона − Памор’е. Для забеспячэння тылу яны заключылі пагадненне з Маскоўскай дзяржавай. Ордэн таксама шукаў падтрымку ў Еўропе ― у Венгрыі і Чэхіі.

Цэнтральнай падзеяй Вялікай  вайны стала Грунвальдская бітва, якая адбылася 15 ліпеня 1410 г. каля вёскі  Грунвальд (сёння ― Ольштынскае  ваяводства Польшчы) паміж аб’яднаным войскам ВКЛ і Польскай Кароны, з аднаго боку, і арміяй Тэўтонскага  ордэна, з другога. Саюзным войскам  кіраваў Ягайла, але асабіста ўдзел  у бітве не прымаў, у адрозненне ад Вітаўта, які ўзначальваў войска ВКЛ непасрэдна на полі бою. Войскамі Ордэна кіраваў вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген. Грунвальдская бітва  скончылася поўнай перамогай саюзнай  арміі над крыжакамі. Тэўтонскі  ордэн страціў сваю былую веліч  і славу і больш не здолеў яе ўзнавіць. Такім чынам, у выніку бітвы  пад Грунвальдам не толькі была спынена  двухсотгадовая агрэсія нямецкіх рыцараў  на ўсход, але і былі зменены агульныя суадносіны сіл ва Усходняй Еўропе на карысць славянскіх народаў.

Гарадзельская унія. Перамога надала ўпэўненасці Вялікаму княству Літоўскаму, і Вітаўт яшчэ больш імкнуўся да пашырэння самастойнасці ВКЛ. Межы Княства сягалі ад Балтыкі да Чорнага мора і ад Смаленска да Беластока, і ў канцы ХІV – пачатку ХV ст. тэрыторыя ВКЛ складала каля 900 тыс. кв. км.

Але з другога боку, Ягайла хацеў замацаваць васальнае становішча Вялікага Княства і рабіў захады да аднаўлення уніі. У кастрычніку 1413 г. у Гарадзельскім замку над  Бугам адбыўся з’езд польскіх феадалаў і феадалаў ВКЛ каталіцкага  веравызнання ў прысутнасці манархаў дзвюх краін. Вынікам гэтага з’езда стала падпісанне трох прывілеяў, якія і склалі акт новай Гарадзельскай  уніі.

Паводле асноўных яе палажэнняў, правы на дзяржаўныя пасады і іншыя  правы (напрыклад, права ўдзельнічаць у выбарах вялікага князя, мець родавыя  гербы, свабодна распараджацца сваёй  зямлёй і інш.) належалі ў ВКЛ выключна каталіцкай знаці. З мэтай найбольш шчыльнага збліжэння Кароны і  ВКЛ 47 феадалаў-католікаў Вялікага Княства прынялі гербы польскай шляхты і тым самым утварылі гербавае братэрства. На пераважную большасць  шляхты ВКЛ, якая заставалася праваслаўнай, прывілеі Гарадзельскай уніі не распаўсюджваліся. Гэтая падзея яшчэ больш абвастрыла адносіны паміж каталіцкай і праваслаўнай шляхтай ВКЛ і, каб забяспечыць  свае інтарэсы, прымусіла апошнюю  або пераходзіць у каталіцтва, або змагацца за свае правы і шукаць падтрымкі ў праваслаўнай Маскоўскай дзяржаве.

Вітаўт разумеў складанасць  становішча. Каб пазбегнуць унутранага антаганізму ў дзяржаве на рэлігійнай глебе і спыніць на сваіх землях, асабліва на ўсходзе, узрастаючы ўплыў  Масквы, ён у 1415 г. стварыў самастойную праваслаўную мітраполію з цэнтрам у Наваградку, а таксама агучыў ідэю аб магчымасці заключэння уніі праваслаўнай царквы і каталіцкага касцёла ў ВКЛ. Але унія не адбылася, супрацьстаянне каталіцызма і праваслаўя не было ліквідавана, і менавіта гэта стала прычынай грамадзянскай вайны ў дзяржаве ў 30-я гады ХV ст.

У 20-я г. ХV ст. Вітаўт стаў палітычным лідэрам Усходняй Еўропы: у Залатой Ардзе кіравалі яго  стаўленнікі, праз яе ўплываў на справы Маскоўскай Русі. Ён прадпрыняў спробу каранацыі на літоўскага караля. Аднак  яна была сарвана праціўнікамі ўзмацнення ВКЛ.

Грамадзянская вайна ў ВКЛ (1432 − 1436). Пасля смерці Вітаўта ў 1430 г. на з’ездзе знаці ў Вільні пры падтрымцы праваслаўнага баярства вялікім князем ВКЛ быў абраны малодшы брат Ягайлы Свідрыгайла, які выступаў за ўмацаванне дзяржавы з апорай на праваслаўную шляхту. Унутранае становішча ў ВКЛ пачало змяняцца — дзяржаўныя пасады ў краіне пераходзілі да прадстаўнікоў магутных праваслаўных родаў (Хадкевічаў, Друцкіх, Корсакаў і інш.), якія і вырашалі галоўныя пытанні дзяржаўнага развіцця.

Па сутнасці, Свідрыгайла  не ўлічыў памылкі папярэдняга перыяду, і яго палітыка не вяла да ліквідацыі рэлігійна-палітычнага антаганізму  сярод вышэйшых колаў ВКЛ, а, наадварот, яшчэ больш яго ўзмацняла. Каталіцкая арыстакратыя не хацела мірыцца са стратай палітычнай магутнасці ў  Княстве, што прывяло да арганізацыі  змовы супраць вялікага князя. 1 верасня 1432 г. быў здзейснены замах на жыццё  Свідрыгайлы, але ён здолеў уратавацца ўцёкамі ў Полацк. У выніку на віленскі трон уступіў брат Вітаўта  Жыгімонт Кейстутавіч, якога прызналі Літва, Берасцейская і Менская землі, а таксама Прынёманскія воласці. Астатнія тэрыторыі захавалі вернасць Свідрыгайлу.

Такім чынам, на некаторы час  ВКЛ распалася на два дзяржаўных утварэнні: Вялікае княства Літоўскае  з цэнтрам у Вільні, на чале якога  стаяў Жыгімонт, і Вялікае княства  Рускае з цэнтрам у Полацку, якое ўзначальваў Свідрыгайла. Паміж  імі пачалася феадальная вайна, якая доўжылася чатыры гады.

Жыгімонт зрабіў важныя палітычныя крокі, калі ў 1432 і 1434 гадах выдаў  два прывілеі, паводле якіх праваслаўнае баярства было ўраўнавана ў правах з каталіцкім, акрамя права ўдзелу ў вялікакняжацкай Радзе. У выніку Свідрыгайла згубіў шмат сваіх прыхільнікаў і ў верасні 1435 г. пацярпеў канчатковае  паражэнне ― яго войска было разбіта  пад Вількамірам, а сам Свідрыгайла  ў чарговы раз ратаваўся ўцёкамі, у гэтым выпадку на Валынь. Але  феадалаў ВКЛ не задавальняла і палітыка Жыгімонта. Супраць яго ў сакавіку 1440 г. была арганізавана змова, і Жыгімонт быў забіты ў Троцкім замку.

Гаспадаром ВКЛ быў  абраны малодшы сын Ягайлы Казімір  Ягелончык (1440 − 1492). Пасля смерці свайго брата, польскага караля Уладзіслава  ІІІ, з 1447 г. Казімір адначасова стаў і каралём Польшчы. Пры гэтым  з усіх кіраўнікоў абедзвюх краін  ён заставаўся, бадай, адзіным, хто клапаціўся і дбаў пра дзяржаўныя інтарэсы ВКЛ. Пры ім у 1447 г. быў выдадзены прывілей, які замацоўваў суверэнітэт ВКЛ і гарантаваў, што землі і дзяржаўныя пасады ў ВКЛ будуць атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ. Казімір імкнуўся ліквідаваць рэлігійны антаганізм у Вялікім Княстве, садзейнічаў будаўніцтву царквоў і праваслаўных манастыроў. Да таго ж, пашыраліся правы праваслаўнай царквы ВКЛ, якая ў 1458 г. канчаткова вызвалілася з-пад улады маскоўскага мітрапаліта і падпарадкавалася непасрэдна канстанцінопальскаму патрыярху. У перыяд кіравання Казіміра Ягелончыка быў выдадзены першы кодэкс крымінальнага права ў ВКЛ, напісаны на старабеларускай мове, ― Судзебнік 1468 г.

У той жа час Казімір  быў схільны перадаць Польшчы  Падолле і Валынь, што прывяло  да арганізацыі ў 1481 г. змовы праваслаўных феадалаў ВКЛ супраць манарха. Але  змова была раскрыта, а вінаватыя  пакараны смерцю.

Пры кіраўніцтве Казіміра Ягелончыка Вялікае Княства не вяло, як раней, актыўнай знешняй палітыкі, накіраванай на пашырэнне тэрыторыі  дзяржавы і аб’яднанне ўсходнеславянскіх  зямель. Гэтую ідэю пераняў усходні  сусед ВКЛ — Маскоўскае княства, якое заключыла саюз з Крымскім ханствам і праз паўстагоддзя ператварылася  ў галоўнага палітычнага праціўніка ВКЛ.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны  падзел ВКЛ. У ХІІІ-ХІV ст. адміністрацыйны падзел ВКЛ заставаўся ў асноўным у старых межах, якія існавалі паміж асобнымі княствамі да ўваходжання іх у склад адзінай дзяржавы. У сярэдзіне ХІV ст. ВКЛ было падзелена паміж Альгердам і Кейстутам на дзве ваенна-адміністрацыйныя акругі: Віленскую і Трокскую, якія з 1413 г. сталі называцца ваяводствамі.

У канцы ХІV − пачатку  ХV ст. Вітаўт ліквідаваў княжацкія  пасады ў Полацку, Віцебску і Наваградку і прызначыў у гэтыя землі  сваіх намеснікаў. На працягу ХV ст. намесніцтвы называліся староствамі або паветамі.

У 1565–1566 г. у ВКЛ была праведзена адміністрацыйная рэформа, у адпаведнасці з якой было ўтворана 13 ваяводстваў  і 30 паветаў, з якіх на беларускіх землях Княства было 8 ваяводстваў (Віленскае, Трокскае, Полацкае, Наваградскае, Віцебскае, Берасцейскае, Мсціслаўскае, Менскае) і 16 паветаў. Гэты адміністрацыйны падзел быў замацаваны Статутам Вялікага княства  Літоўскага 1588 г. і захаваўся да канца  ХVІІІ ст.

 

2. Дзяржаўны лад і органы кіравання ў ВКЛ.

 Судовая сістэма. Палітычны лад ВКЛ прайшоў шматвяковую эвалюцыю, аб’яднаўшы рысы іншаземных сістэм кіравання і традыцыі, якія існавалі ў Полацкім і іншых беларускіх княствах. З самага пачатку свайго існавання ВКЛ складвалася як неабмежаваная феадальная манархія. На чале дзяржавы стаяў вялікі князь ― гаспадар. У яго кампетэнцыю ўваходзілі:

  • камандаванне ўзброенымі сіламі;
  • выданне заканадаўчых актаў;
  • прызначэнне на вышэйшыя дзяржаўныя пасады;
  • паўнамоцтвы вышэйшага суддзі;
  • абвяшчэнне вайны і заключэнне міра;
  • вызначэнне накірункаў знешняй палітыкі;
  • распараджэнне дзяржаўнымі фінансамі і інш.

У ХІІІ–ХІV ст. многія важныя дзяржаўныя пытанні ён вымушаны быў  узгадняць з васальнымі князямі  і найбольш уплывовымі феадаламі, якія ажыццяўлялі выканаўча-распарадчую  і судовую ўладу на месцах. У  выніку пры князі ўзнік дарадчы  орган, які атрымаў назву Рада Вялікага княства Літоўскага (Паны-рада). Першапачаткова яе склад вызначаўся гаспадаром па яго ўласным выбары. Але роля Рады паступова ўзрастала, а з увядзеннем практыкі займання князямі ВКЛ адначасова і трона Польскай Кароны, частымі сталі ад’езды манарха ў Польшчу. Па закону, знаходзячыся па-за межамі ВКЛ, гаспадар не меў права кіраваць дзяржаўнымі справамі Княства.

У такіх умовах у 1492 г. новаабраны князь Аляксандр (1492−1506), сын Казіміра Ягелончыка, выдаў прывілей, па якому  абмяжоўваліся правы вялікага князя  і пашыраліся правы Паноў-рады. Згодна з прывілеем, вялікі князь не меў  права адмяняць або змяняць законы, пастановы і судовыя рашэнні, прынятыя разам з Радай. Больш  за тое, яе пастановы, прынятыя большасцю  галасоў, павінны былі выконвацца вялікім  князем. Такім чынам, Рада паступова  стала заканадаўчым, выканаўча-распарадчым, судовым і кантралюючым органам, які юрыдычна абмяжоўваў уладу вялікага князя.

У склад Рады ўваходзілі: віленскі біскуп, ваяводы, кашталяны, некаторыя старосты, маршалак земскі, канцлер, падскарбі земскі, гетман, іншыя прыдворныя чыны, а таксама некаторыя буйныя феадалы па асабістых запрашэннях. Ваяводы ўзначальвалі адміністрацыйныя, гаспадарчыя, ваенныя і судовыя органы ваяводства; гетман адказваў за камплектаванне войска ВКЛ і камандаваў усімі ўзброенымі сіламі дзяржавы ў выпадку, калі іх не ўзначальваў сам вялікі князь; канцлер загадваў дзяржаўнай канцылярыяй і захоўваў дзяржаўную пячатку, пад яго наглядам афармляліся ўсе пастановы і прывілеі; кашталян камандаваў войскам галоўнага замка ваяводства, а пры адсутнасці ваяводы ― усімі ўзброенымі сіламі ваяводства; маршалак земскі − адна з вышэйшых службовых пасад у ВКЛ, старшыня на пасяджэннях сойма і Рады, сачыў за этыкетам і парадкам падчас афіцыйных цырымоній; падскарбі загадваў дзяржаўнымі фінансамі і даглядаў скарб, вёў дакладны ўлік прыбыткаў і выдаткаў; староста ― кіраўнік адміністрацыі ў павеце.

На пасяджэннях Рады вырашаліся пытанні дзяржаўнага кіравання, міжнародных зносін, прызначэння  на кіруючыя пасады, падрыхтоўкі важнейшых  заканадаўчых актаў, разглядаліся некаторыя  судовыя справы. У поўным складзе  Рада збіралася некалькі разоў у  год. Бягучыя справы кіравання дзяржавай  вырашала так званая Пярэдняя Рада, у якую ўваходзілі маршалак земскі, канцлер, падскарбі земскі, гетман, ваяводы і кашталяны.

Для вырашэння найбольш важных дзяржаўных справаў (выбары князя, пытанні  вайны і міра, арганізацыя абароны, прызначэнне надзвычайных падаткаў і інш.) з ХV ст. пачаў збірацца вальны сойм. Ён з’яўляўся органам саслоўна-прадстаўнічай дэмакратыі ў ВКЛ. Першапачаткова сістэмы прадстаўніцтва не існавала, і на сойм, як правіла, запрашалася ўся шляхта. Але з 1512 г. было ўведзена ў практыку вылучэнне на вальны сойм па 2 дэпутаты (паслы) ад кожнага павета. Акрамя таго, на соймы асабіста запрашаліся вярхі каталіцкага і праваслаўнага духавенства, службовыя асобы цэнтральнага і часткова мясцовага кіравання. Найчасцей соймы збіраліся ў Вільні, а таксама ў Гародні, Наваградку, Берасці, Менску. Яны праводзіліся як у закрытых памяшканнях (замках, гаспадарскіх дварах), так і на плошчах гарадоў.

У пачатку ХVІ ст. вальны сойм набыў значэнне заканадаўчага  і кантралюючага органа. Галоўнымі  яго функцыямі былі:

  • выбары вялікага князя;
  • прызначэнне падаткаў на войска;
  • абвяшчэнне вайны і заключэнне міра;
  • разгляд крымінальных справаў вышэйшых дзяржаўных асобаў і знатных паноў.

Информация о работе Цэнтралізатарская палітыка вялікіх князёў. Дзяржаўны лад і органы кіравання ў ВКЛ