Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 28 Января 2013 в 14:30, реферат

Описание

Свой жыццёвы шлях К. прайшоў як сапраўдны народны герой, які стаў яшчэ пры жыцці легендарным. Імя К. ўвайшло ў гісторыю вызваленчага руху Амерыкі і Еўропы. Польскі народ ушанаваў К. Курганам памяці ў Кракаве. Амерыканскі народ паставіў яму ў Вашынгтоне велічны помнік і яшчэ помнік у Вэст-Пойнце, ваеннай цвердзі, якую спраектаваў і збудаваў К. У Нью-Ёрку яго імем названы мост. На Беларусі помніка Касцюшку няма.

Работа состоит из  1 файл

Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка.docx

— 34.50 Кб (Скачать документ)

 

Усе, хто асабіста быў знаёмы з К. , падкрэслівалі яго ваенны талент, высокую адукацыю, нястомную  энергію і дастойную прастату. Падскарбі Вялікага княства Літоўскага, удзельнік паўстання, кампазітар М.К.Агінскі  пісаў, што К. "карыстаўся вялікай  пашанай усёй Еўропы, быў гразой для ворагаў і бажаством для  народа, узвышаны да ранга Начальніка, не ведаў іншага гонару, як служыць  Айчыне і змагацца за яе, які захоўваў заўседы сціплыя паводзіны... не насіў  ніякіх знакаў вышэйшай улады, хадзіў у сурдуце з дрэннага шэрага сукна  і які меў стол сціпла забяспечаны, як кожны з яго простых афіцэраў".

 

Успрыняўшы вучэнне французскіх  рэвалюцыйных і радыкальных пісьменнікаў, філосафаў і публіцыстаў, а таксама  амерыканскіх буржуазных прагрэсіўных дзеячаў, К. выпрацаваў самастойную  дзяржаўна-прававую канцэпцыю палітычнага  і грамадскага развіцця Рэчы Паспалітай. Ідэалам ён лічыў грамадства, якое складалася з вольных сялян, уласнікаў  зямлі, рамеснікаў, купцоў пры захаванні  памешчыцкага землеўладання, заснаванага  на свабодным найме рабочай сілы. Лепшую форму дзяржаўнага кіравання  бачыў у рэспубліцы, тэарэтычныя  асновы якой спрабаваў выкласці ў  Паланецкім універсале. Аднак ажыццявіць гэтыя ідэі яму не ўдалося.

 

Ваенная і палітычная сітуацыя складалася не на карысць паўстання. У пачатку чэрвеня аб'яднаныя  руска-прускія войскі (24 тыс. чалавек) у бітве каля мястэчка Шчакоціны  прымусілі армію К. (12 тыс. чалавек) адступіць. 15 чэрвеня прускія войскі занялі Кракаў, і К. вымушаны быў  пакінуць горад. У сярэдзіне ліпеня да Варшавы падышлі прускія войскі і рускі корпус пад камандаваннем  генерала Ферзена. Гераізм абаронцаў  Варшавы і ўмелыя дзеянні К. ў  жніўні - верасні прымусілі гэтыя  войскі адысці ад горада. Аднак становішча паўстанцаў пагоршылася, калі Аўстрыя, пашыраючы тэрыторыю сваёй акупацыі, пачала наносіць удары з поўдня. К. спрабаваў адбівацца на ўсе  бакі. У верасні ён прыбыў на Беларусь, каб сфарміраваць тут новыя атрады, а заадно наведаць родныя мясціны. Да гэтага часу на Беларусі дзейнічала ўжо  некалькі атрадаў, якія падтрымлівалі  паўстанне. Але ў верасні 1794 на тэрыторыю  Заходняй Беларусі быў перакінуты моцны  корпус пад камандаваннем А.Суворава. Нечаканае з'яўленне рускіх войск  паставіла ў крытычнае становішча паўстанцаў пад камандаваннем Ю.Серакоўскага, якія панеслі цяжкія страты і пачалі адыходзіць на захад. Другі рускі  корпус пад камандаваннем генерала Ферзена пачаў наступленне з  паўднёвага захаду. Супраць яго К. выставіў рэшткі атрада Серакоўскага і частку свайго рэзерву. На дапамогу яму павінна была падысці дывізія  пад камандаваннем генерала Понінскага, але той не выканаў загаду К. і  да месца бітвы дывізія не прыйшла. 10 кастрычніка корпус Ферзена ў  бітве пад в. Мацяёвіцы нанёс  паражэнне войскам паўстаўшых, а  сам К., паранены ў галаву і левае  сцягно, быў узяты ў палон. Паланенне К. выклікала катастрафічны ўпадак маральнага духу паўстання і прадвызначыла зыход усей барацьбы.

 

Замест К. начальнікам  узброеных сіл 12.10.1794 вышэйшы Савет  прызначыў Томаша Ваўжэцкага. 4 лістапада  войскі пад камандаваннем Суворава авалодалі ўмацаваным прыгарадам Варшавы  Прагай, пасля чаго кароль Рэчы Паспалітай і яго прыхільнікі настаялі на капітуляцыі Варшавы. За паспяховае задушэнне паўстання Сувораў  атрымаў як узнагароду ва ўласнасць  з Брэсцкай эканоміі 13 279 прыгонных  сялян.

 

Паражэнне паўстання 1794 было непазбежным, бо яго не падтрымалі шырокія  масы сялянства. Слабай аказалася і  буржуазія, а шляхецка-буржуазны  блок, які кіраваў паўстаннем, імкнуўся не дапусціць рэвалюцыйнага выступлення  гарадскіх нізоў і сялян. Акрамя таго, сабатаж і невыкананне распараджэнняў К., а часта і адкрытая здрада падрывалі  сілы паўстання.

 

На працягу ўсёй сваёй  палітычнай дзейнасці К. глыбока  паважаў і быў паслядоўным  прадаўжальнікам вызваленчых, антыфеадальных ідэй Ж.Ж.Русо, Ш.Мантэск'е, Т.Джэферсана і інш. прагрэсіўных дзеячаў. Яго  светапогляд, грамадска-палітычныя і  прававыя ідэі найбольш поўна былі выкладзены ў брашуры пад назвай "Ці могуць палякі дабіцца незалежнасці", выдадзенай на польскай мове ананімна ў Парыжы ў 1800, з фіктыўнымі ананімнымі данымі: "У Прыкопе на Доне". Мяркуецца, што запіс ідэй і разважанняў  К. быў ажыццёўлены яго сакратаром Ю.Паўлікоўскім. Брашура ўяўляе сабой  навуковы трактат, у якім разглядаюцца слабыя і моцныя бакі вызваленчага руху ў Рэчы Паспалітай. Складаецца з прадмовы, частак і заключэння. У прадмове аўтар папярэджвае  сваіх землякоў, каб не спадзяваліся на замежную дапамогу, а калі хочуць "шчасця, гонару і славы... неабходна  і карыстацца сродкамі і сіламі, якія і прырода дала чалавеку... пажадаем толькі - і мы станем свабоднымі, бо шаснаццацімільённы народ не можа быць народжаны для рабства". Вызначаючы колькасць насельніцтва ў 16 мільёнаў чалавек, К. меў на ўвазе не толькі палякаў, але і беларусаў, украінцаў  і літоўцаў, якія насялялі ў той  час Рэч Паспалітую. Ён адзначае, што першай прычынай заняпаду краіны і з'яўляюцца страта народам сілы духу і веры ў свае сілы, а таксама  антынародная палітыка магнатаў, калі яны пачалі "імкнуцца не да дабрабыту, а да задавальнення ганарыстасці магнацкіх прозвішчаў... Магнаты  былі зацікаўлены ў тым, каб пераканаць нацыю ў яе нікчэмнасці і слабасці, упэўніць яе ў тым, быццам яна нічога не можа дасягнуць сваімі ўласнымі сіламі, без дапамогі суседняй дзяржавы, бо яны ўзбагачаліся, гандлюючы яе крывёю ля падножжа тронаў. Магнаты  былі зацікаўлены ў аслабленні духу сваіх суайчыннікаў, у прыніжэнні іх годнасці для таго, каб, не ведаючы  сваей сілы, яны не маглі скінуць  з сябе ганебнай апекі, у адваротным выпадку магнаты страцілі б увесь  свой уплыў і аўтарытэт". З гэтых  разважанняў К. відаць, што асноўнай прычынай заняпаду Рэчы Паспалітай ён лічыў класавыя супярэчнасці, асабліва эгаізм і прадажнасць магнатаў. Адначасова ён адзначаў, што ў краіне, дзе  ёсць урадлівыя землі, сяляне амаль  паміраюць ад голаду, слаба развіта  прамысловасць, рамяство, навука, а "шляхта ўмела толькі тыраніць сялян". Правільна  крытыкуючы ўвесь феадальна-памешчыцкі лад, К. не рабіў вываду пра неабходнасць яго ліквідацыі, а толькі падахвочваў  памешчыкаў зрабіць некаторыя ўступкі  сялянам, як гэта было выкладзена ў  Паланецкім універсале. Заклікаючы народ  да барацьбы за свабоду, аўтар звяртае  ўвагу на вопыт барацьбы за незалежнасць народаў Швейцарыі, Галандыі, Паўночнай  Амерыкі, якія ніколі не былі б паважанымі народамі, калі б не адбілі насільнікаў  сваімі ўласнымі сіламі. Найбольш тыповым  прыкладам ён лічыў барацьбу Францыі, супраць якой сабраліся ўсе каралі Еўропы, каб пакарыць гэту нацыю  і аднавіць у ёй стары лад. На думку  аўтара, французы не былі гатовыя ў  ваенных адносінах, але, упэўненыя  ў справядлівасці сваей справы, яны  выгналі непрыяцеля са сваей айчыны і дасягнулі такой славы і  магутнасці, што скідвалі троны або  падрывалі іх устоі. К. выказаў думку, што ваенная навука не можа быць такой жа беспамылковай, як матэматычнае вылічэнне, а таму галандцы змаглі адбіць у шмат разоў большыя сілы іспанцаў, швейцарцы - аўстрыйцаў, амерыканцы - англічан.

 

Разглядаючы магчымасць новага паўстання, аўтар сцвярджае, што  сілы рэвалюцыі могуць павялічвацца за кошт вызваленчай барацьбы працоўнага народа суседніх дзяржаў: "Хіба рускі  селянін, жорстка прыгнятаемы сваім памешчыкам, пры спрыяльных абставінах не кінецца з запалам супраць сваіх прыгнятальнікаў, імкнучыся разбіць свае ярмо? Няўжо прыгнечаны казак не імкнецца зноў атрымаць свае свабоды? Прусак пачынае разумець, што ён не быдла, што знаходзіцца ў распараджэнні казны. Некаторыя правінцыі з радасцю скінулі б сваё ярмо". У трактаце абвяшчаецца неабходнасць захавання і аховы права прыватнай уласнасці. Робіцца агаворка, што "хоць прынцыпы свабоды і роўнасці дапускаюць усіх аднолькава да займання ўрадавых пасад, аднак я б жадаў, каб асобы, якія зоймуць месцы ва ўсіх магістратурах, былі абраны з ранейшых саслоўяў", гэта значыць з саслоўя шляхты. Усе гэта сведчыць аб тым, што К. і яго найбліжэйшыя паплечнікі выражалі ў першую чаргу інтарэсы буржуазна-шляхецкага блока і заклікалі да буржуазнай рэвалюцыі "Рэвалюцыя праводзіцца не для таго, каб зняць усякую аброць са свавольства, наадварот, яна ставіць сабе за мэту ўстанавіць парадак, падпарадкаваць закону ўсякія правапарушэнні, прывучыць падпарадкоўвацца ўладам, устаноўленым нацыяй, ахоўваць уласнасць кожнага, якая складае аснову грамадства. Усім даецца аднолькавая свабода і роўныя правы, але нікому не дазваляецца ўчыняць злачынствы. Правасуддзе павінна быць гразой для злачынцаў, але не помстай, невінаватым жа яно служыць прытулкам. Тыя, хто думае, што важней не ўпусціць злачынцаў, чым стварыць бяспеку невінаватым, робяць жудасную памылку. Хто не паважае ўстаноўленай над ім улады, парушае правы нацыі, учыняе крыўды і грабяжы, той разбойнік і злодзей. Рэвалюцыя якраз і ставіць сабе за мэту выпраўленне заган, знішчэнне злачынстваў і ўкараненне ў сэрцы ўсіх грамадзян міласэрнасці і дабрадзейнасці". Аўтар адзначае таксама, што на яго радзіме сярод простага народа няма злачыннасці і можна бяспечна праходзіць праз велізарныя лясы пры адсутнасці мясцовай паліцыі, хоць народ там усюды жыве ў бядоце.

 

У сваіх разважаннях пра  мараль, права, злачыннасць і правасуддзе  К. асуджаў тэрор часоў Вялікай  французскай рэвалюцыі, лічыў, што  гэта выключная асаблівасць французскай  нацыі або нават пэўнай "шайкі  разбэшчаных злачынцаў". Ён прыхільнік строгага захавання прававых норм, ўстаноўленых у ходзе рэвалюцыі, адначасова выступае супраць самавольства з чыйго б там ні было боку. Яго маральныя і прававыя ідэі адпавядалі інтарэсам рэвалюцыйна  настроеных сярэдніх слаёў і зыходзілі  з прынцыпу карысці для вызвалення народа ад улады манархічных дзяржаў, якія падзялілі Рэч Паспалітую. На яго думку, настаў час шырокай  асветы народа і яго актыўнага  ўдзелу ў грамадскіх справах, чаму асабліва садзейнічае рэвалюцыя. Ён зазначае, што да рэвалюцыі французы не займаліся  грамадскімі справамі, а "калі яны  атрымалі права ўдзельнічаць у заканадаўстве, то пачалі вучыцца яму і думаць над інтарэсамі нацыі", бо заканадаўства  патрабуе вялікіх ведаў. Справе палітычнай асветы народа і павышэння яго  грамадскай актыўнасці садзейнічае  свабода друку. З асветай народа разбураюцца і розныя палітычныя забабоны народа, такія, як вера ў выключнасць  каралеўскай улады і шляхты. "Кожны  ведае, што яны не валодаюць прывілеяваным  розумам; чаму ж яны прысвоілі  сабе права распараджацца лёсам  нацый без іх волі?"

 

Усё гэта дазваляе зрабіць  вывад, што па сваіх грамадска-палітычных і прававых поглядах К. стаяў на больш  рэвалюцыйных пазіцыях, чым большасць  буржуазных ідэолагаў таго часу. У  трактаце разглядаецца і пытанне  пра матэрыяльнае забеспячэнне паўстання. Адзначаецца, што прамысловасць - гэта сіла, якая творыць багацці і можа развівацца толькі пры свабодзе, гаворыцца  аб прыродных багаццях краіны. Аднак "у час рэвалюцыі неабходна  прыносіць ахвяры: трэба задавальняцца  малым, калі мы хочам дабіцца свабоды". У заключэнні аўтар сцвярджае, што  ў народа, які жадае свабоды  і верыць у перамогу, ёсць усе  падставы для дасягнення высакароднай мэты. Калі ўсе будуць мужна змагацца, то праціўнік, нават калі ён больш  шматлікі, не зможа перамагчы. Увесь  трактат прасякнуты духам аптымізму, верай у перамогу справядлівай справы. Трактат з'яўляўся тэарэтычнай  і практычнай праграмай барацьбы народных мас за дэмакратыю і незалежнасць. Палітычныя і прававыя ідэі К. прадвызначалі  новы кірунак у палітычнай барацьбе ў Рэчы Паспалітай і садзейнічалі падрыхтоўцы і зараджэнню рэвалюцыйнага  дэмакратычнага руху ў Польшчы, на Беларусі і Украіне.

 

У апошнія гады свайго жыцця  К. працягваў актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці. У лісце да А.Чартарыйскага ён раіў звярнуць асаблівую  ўвагу на народную асвету на Беларусі і ў Літве. Шэраг школ на Беларусі быў адкрыты менавіта па ініцыятыве Чартарыйскага, у т.л. і вядомая Свіслацкая гімназія. К. прапаноўваў выдаць пастанову, каб кожны ўласнік у сваім маёнтку стварыў школу для сялян і ў адпаведнасці з агульным коштам маёнтка выдзяляў грошы на ўтрыманне настаўнікаў. Апрача таго, на гэтыя ж мэты варта было выдаткоўваць і спаганяемую з сялян царкоўную "дзесяціну". Рэкамендаваў ураду паклапаціцца пра адкрыццё рамесных вучылішчаў, дзе б навучаліся сталярнаму, цяслярскаму, кавальскаму, такарнаму, слясарнаму і інш. рамёствам. Каб лепш азнаёміцца з найбольш перадавымі метадамі школьнага навучання, К. у маі 1816 наведаў педагагічны інстытут у Івердоніі, дзе сустракаўся з яго стваральнікам, выдатным педагогам-дэмакратам Іаганам Генрыхам Песталоці. Як і Песталоці, меркаваў, што паляпшэнне жыцця працоўных можа быць дасягнута ў рамках існаваўшага тады ладу шляхам адукацыі і выхавання. К. пісаў таксама пра неабходнасць палепшыць умовы жыцця простых людзей, для чаго трэба паступова змяншаць паншчыну і заахвочваць выкарыстанне наёмных работнікаў на палявых работах, быць суровым да бадзяг, п'яніц, дармаедаў, якіх трэба выкарыстоўваць на грамадскіх работах, будаўніцтве дарог, каналаў, брукаванні вуліц у гарадах з выплатай памяркоўнай узнагароды. Ён раіў развіваць прамысловасць, адкрываць новыя фабрыкі: суконныя, папяровыя, металургічныя, шкляныя і інш., прапаноўваў прымаць меры, каб з цягам часу ўсе сяляне маглі вызваліцца ад залежнасці і атрымаць ва ўласнасць зямлю. Гэты ліст быў пасланы Чартарыйскаму, але фактычна ён адрасаваны ўсяму народу Рэчы Паспалітай і сведчыць, што галоўная мэта жыцця К. - садзейнічаць паляпшэнню жыццёвых умоў простага народа.

 

Памер К. 15.10.1817 у Швейцарыі  ў Салюры (каля г. Залатурна). Пахавалі яго там 19 кастрычніка. У 1818 астанкі  К. ўрачыста перанесены ў Кракаў і  змешчаны ў каралеўскім замку  Вавелі. Яго смерць выклікала шырокі водгук ва ўсім свеце. У многіх краінах, дзе жылі эмігранты з былой  Рэчы Паспалітай, ушанавалі памяць К. памінальнымі службамі ў касцёлах і сходамі.

 

Свой жыццёвы шлях К. прайшоў  як сапраўдны народны герой, які  стаў яшчэ пры жыцці легендарным. Імя К. ўвайшло ў гісторыю вызваленчага руху Амерыкі і Еўропы. Польскі  народ ушанаваў К. Курганам памяці ў  Кракаве. Амерыканскі народ паставіў яму ў Вашынгтоне велічны помнік і яшчэ помнік у Вэст-Пойнце, ваеннай  цвердзі, якую спраектаваў і збудаваў К. У Нью-Ёрку яго імем названы  мост. На Беларусі помніка Касцюшку няма.


Информация о работе Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка